Сучасныя паэты Гродзеншчыны — Государственное учреждение культуры "Берестовицкая районная библиотека имени О.М.Ковалевского"
Часопіс «На Нёманскай хвалі» прапануе вашай увазе некаторыя ўрыўкі з вершаў Гродзенскіх паэтаў.
Войтка Ірына Антонаўна

Войтка Ірына Антонаўна нарадзілася 23.10.1961 г. у в. Каралін Зэльвенскага раѐна Гродзенскай вобласці. Паэтэса, член СПБ. Кіруе Слонімскім літаратурным аб’яднаннем. Аўтар кніг “Спасціжэнне” і “Пагляджу вачамі неба”. Жыве ў г. Слоніме.

Роднае слова

Дораць мне кветкі за вершы,
дораць мне кветкі за словы.
Я не апошняй, не першай
была ў цябе, родная мова.
Скарб свой сабраны прынесла
дзецям — у сэрцы, у вушы…
Родная ўсцешыла песня
і перапоўніла душы.
І загучала пад небам:
“дзякуй”,
“прабач”,
“калі ласка”…
З роднаю мовай — да хлеба,
З роднаю мовай — у казку.
Я вас прашу: беражыце
і блаславіце нанова
сэнсу зямнога аснову —
роднае слова.

Ірына Данік

Доля

Ад вады, ад зямлі, ад матулі
Гэты боль у яе, гэты звон.
Беларускую мову святую
Уздымае да месяца ён.
Лета… Восень… Сялянская доля —
Жаць і сеяць, каб праўда была.
Наш палетак — бяскрайнае поле,
Да і крылле — з размахам арла.
А з дарогі вяртае дадому
Беларускае скрыпкі туга.
Наша родная вёска, вядома,
Сын маленькі, крыніца і гай.
Зноў, як думка, імклівая чайка
Абдымае бяскрайні абшар…
Можа гэта — Пашкевічанка,
А праменне — яе душа?…
Усміхаецца кветкамі поле,
І галінкамі свеціцца сад.
… Паглядзі: не маркоціцца болей
Беларусі шчаслівы пагляд…

Кебіч (Вайтулевіч) Людміла Антонаўна

Кебіч (Вайтулевіч) Людміла Антонаўна — 17.07.1951 года. Нарадзілася ў г.п. Краснасельскі Гродненскай вобласці Ваўкавыскага раёна ў сям’і настаўнікаў.Паэтэса, музычны педагог. Ганаровы член СПБ. Вучылася з 1958 па 1967г.г. у Краснасельскай СШ, адначасова – мясцовай музычнай школе па класе фартэпіяна, з 1967 па 1971 г.г. – на адзяленні тэорыі музыкі ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, з 1976 па 1981 г.г. – на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы (руская мова і літаратура). Лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” па намінацыі “Пісьменнік года” — 2002 . З 2005 года – старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ. Пачала друкавацца ў газетах “Зорька”, “Піянер Беларусі” ў 1962г

Маёй Радзіме
(ўрывак з верша)
Мая ласкавая, пяшчотная
Радзіма,
сагрэй мяне агнём сваёй любові,
і, можа, я адтану ўсім на дзіва,
знайду адхланны тон у роднай
мове.
Твая любоў — найдарагі
мне падарунак.
Якое шчасце жыць,
дзе нарадзіўся!
Дзе першы крык — як першы
паратунак —
з жыццём айчыны назаўсёды
зліўся.
Ты прыгарні мяне зялёнымі
рукамі
палёў вясновых і лугоў
квяцістых
ды правядзі сваімі доўгімі
шляхамі
да рэк крыштальных і азёраў
чыстых.
О, як прыемна засынаць
пад шапаценне
дуброў вячыстых, залатога
збожжа,
няхай не сонцам быць зіхоткім,
але ценем,
ды толькі каб пад небам
тваім гожым…….

Закалышы мяне
(ўрывак з вершу)
Закалышы мяне, закалышы
Пахам начных фіялак,
зорнаю музыкай сініх вышынь,
доўгага дня фіналам.
Ды праспявай не ўрачысты гімн —
сціплую калыханку:
як убяруцца ў расу лугі
заўтра на светлым ранку…..

Тамара Міхайлаўна МАЗУР (Баўтрукевіч)

Тамара Міхайлаўна МАЗУР (Баўтрукевіч) нарадзілася 30 лістапада 1964 года ў вёсцы Лазы Ваўкавыскага раёна. Скончыла Роскую сярэднюю школу і факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Тамара Мазур – аўтар трох надрукаваных у мінскіх выдавецтвах зборнікаў паэзіі – «Спакуса траўня» (Полымя, 1995 г.), «Ваўкавыск – радзімка Беларусі» (Беллітфонд, 2005 г.) у сааўтарстве з Т. Кашавой, «Пакуль кахаю» (Тры чвэрці, 2013 г.). А таксама чатырохтомніка «Беларусачка» (2012 г.) на двух электронных аптычных дысках (СD-ROM), якія заховаюцца ў фондзе Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага.

Сяброўства

Загаіць твой боль па іншай
не спрабую:
прэч каханне адганяю
і…. сябрую.
А ці трэба быць сяброўкай
выпадковай —
разумець, што быць з Табою
мне часова —
Для загойвання, лячэння
Даўніх ранаў —
І чакаць, калі Тваёю
Музай стану.

Тваё імя

Сярод спакусаў свету ёсць адно —
Тваё імя, прыгожае надзіва.
Яно, нібы каўказскае віно,
З яго мой свет становіцца шчаслівым.
З яго мой свет адкрыты для любві…
Тваё імя пяшчотна прамаўляю,
Яно няўзнак дыктуе мне: “Жыві…
Цяпер і тут, у гэтым родным краі”.
Тваё імя на вуснах — не палын,
А мёд, сабраны з кветкавых тычынак.
І не знайсці цяпер ужо прычын
Для адзінотных, без цябе, хвілінак.

Мікола Мятліцкі

Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта(1977). Працаваў карэспандэнтам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1977—1983), старэйшым рэдактарам рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1983—2002). У 2002—2014 гадах галоўны рэдактар часопіса «Полымя».

Быстрыцкі касцёл
(ўрывак з верша)
Лясная ціша навокал
І крутабокі бераг стромы.
Тут размяняў ужо век сёмы
Славуты Быстрыцкі касцёл.
Калісь закладзены Ягайлам,
Ускінуў гордыя крыжы.
З забытай прошласці імжы
Сягоння ў новы дзень сягае.

Алена Вітальеўна Руцкая

Алена Вітальеўна Руцкая нарадзілася 11 студзеня 1950 года ў вёсцы Дзякаўцы Шчучынскага раёна ў сям’і служачых. Чытаць навучылася вельмі рана, у 5-гадовым узросце. Напэўна, таму першыя вершы будучай паэтэсы пачалі з’яўляцца яшчэ ў малодшым узросце.
У 1982 годзе Алене Руцкай прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”. У 1986 годзе – “Заслужаны настаўнік Беларусі”.
З 1985 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
З 1992 г. жыве ў Гродна. Працуе ў Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы, выкладае методыку літаратуры, рыторыку. Супрацоўнічае з абласным інстытутам удасканалення настаўнікаў.

Алімпіядка
У даўніх казках і паданнях
Ёсць заўжды выпрабаванні,
Дзе не сілаю, не зброяй
Зло адольваюць героі.
Розум, кемлівасць заўжды
Выратоўвалі з бяды.
Тры загадкі задавалі,
Але веды выручалі —
З назіральнасцю ў падмогу
Здабывалі перамогу.
І цяпер жывуць загадкі —
Для дзяцей — алімпіядкі,
Каб спаборнічаць маглі
І ў ведах, і ў гульні.

Вікторыя Смолка

Вікторыя Смолка – нарадзілася 22 сакавіка 1996 года ў Гродне. Вікторыя – студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы філалагічнага факультэта, са школьных гадоў удзельніца шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фестываляў творчых дзяцей і моладзі. З маленства піша вершы на беларускай і рускай мовах, захапляецца музыкай і літаратурай. Яе паэтычныя творы пра “Дзяўчынку і Мару”, пра “Вясніцу” і “Вяснянку”, пра “Сінякрылы цягнік” добра вядомыя чытачам “Літаратуры і мастацтва”, “Маладосці”, “Белай вежы”, “Новаму замку”, “Паэзіі Мегаполіса”, “Перспектыве” і г.д.

(Ўрывак з вершу)
Я чакаю вясну — ручаі і пралескі,
Абуджэння нябеснага гулкай ракі,
Каб ад хваляў блакітных вясёлыя песні
Неба сыпала сонечныя медзякі.
Я чакаю таго, хто чаканню спрыяе,
І таго, хто мяне называе вясной.
За акном — за акенцам сняжынкі павялі,
Але хутка зямля пабялее ізноў……

Сучкова Таццяна Аркадзьеўна

Сучкова Таццяна Аркадзьеўна нарадзілася 4.01.1956 года ў в. Губачава Кіняшэмскага раёна Іванаўскай вобласці (Расія) у сям’і рабочай і служачага. Дзіцячая пісьменніца. Член СПБ. З 1971г. жыве ў г.Гродна. Скончыла СШ №3 Г.Гродна. У 1979 годзе закончыла філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы. Працавала выхавальнікам у дзіцячым садку в.Панямунь Гродзенскага р-на. Зараз працуе бібліятэкарам у дзіцячай бібліятэцы № 6 г.Гродна.
Друкавалася ў раённых, абласных і рэспубліканскіх газетах і часопісах (“Сельская навіна”, “Аркуш”, “Гродзенская праўда”, “Вясёлка”, “Гаспадыня”, “Пралеска”, “Пачатковая школа”, “Зорька”, “Качели» і інш.), а таксама ў расійскай дзіцячай раман-газеце (2005). Піша на рускай і беларускай мовах.

Вавёрачка
Падаў белы снег пушысты
Над рачулкаю празрыстай.
Нібы свечкі, дрэвы ззялі
Ды з-за гурбаў выглядалі.
Цёмны бераг пабялеў,
І вавёрачка ля дрэў
Вельмі весела скакала,
Рудым хвосцікам махала,
То мільгала, як страла,
То агеньчыкам была:
Узлятала над кустамі
І блакітнымі слядамі
Снег між елак вышывала,
І вакол прыгожа стала.