18.06.2024г. Літаратурны партрэт “Васіль Быкаў – вялікае сэрца народа” — Государственное учреждение культуры "Берестовицкая районная библиотека имени О.М.Ковалевского"

18.06.2024г. Літаратурны партрэт “Васіль Быкаў – вялікае сэрца народа”

   18 чэрвеня ў раённай бібліятэцы для наведвальнікаў прышкольнага лагера быў праведзены літаратурны партрэт Васіль Быкаў – вялікае сэрца народа, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння пісьменніка-франтавіка Васіля Уладзіміравіча Быкава. Дзяцей пазнаёмілі з біяграфіяй і творчасцю пісьменніка. Васіль Уладзіміравіч Быкаў належыць да пакалення, параненага вайной. Юнаму лейтэнанту, якому ўжо пасля перамогі споўніўся 21 год, наканавана было ацалець. Вайну В. Быкаў прайшоў узводным (самая небяспечная афіцэрская пасада), змяняўся толькі род войскаў – стралковы ўзвод, узвод аўтаматчыкаў, узвод супрацьтанкавых гармат. Творчая біяграфія пісьменніка пачынаецца з апавяданняў, напісаных у 1951 годзе. За сваё жыццё Быкаў напісаў адзін раман “Кар’ер” і 25 аповесцяў, у якіх з пранізлівай глыбінёй адлюстраваў самыя страшныя моманты Вялікай Айчыннай вайны, некаторыя з твораў былі экранізаваны. Больш падрабязна была ўдзелена ўвага вядомым творам пісьменніка: аповесцям “Сотнікаў” (1970), “Абеліск” (1971), “Дажыць да світання” (1972), “Знак бяды” (1986). Усе яны былі ўдастоены дзяржаўных прэмій. Яго творы прысвечаны радавым вайны: салдатам, партызанам. Быкаў апісвае падзеі вайны, партызанскага побыту, чалавечыя характары вельмі праўдзіва, часам жорстка, раскрываючы псіхалогію людзей, якія апынуліся перад выбарам. А тэмы сумленнасці, справядлівасці, дабрыні і гуманізму, узнятыя аўтарам, ніколі не перастануць быць актуальнымі. Васіль Быкаў – майстар ваеннай прозы, яго творы перакладзены на дзясяткі моў свету. Мерапрыемства суправаджалася відэа-прэзентацыяй, таксама была падрыхтавана кніжная выстава «Васіль Быкаў: кнігі і лёс».