01.10.2024г. Вечар-віншаванне “Людзі пажылыя – сэрцам маладыя” — Государственное учреждение культуры "Берестовицкая районная библиотека имени О.М.Ковалевского"

01.10.2024г. Вечар-віншаванне “Людзі пажылыя – сэрцам маладыя”

   Святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылых людзей, адбылося ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага. У ім прынялі ўдзел актыў раённых арганізацый Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Беларускага таварыства інвалідаў і атрымальнікі паслуг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бераставіцкага раёна. Ва ўтульнай атмасферы бібліятэкі за салодкім сталом з кубкамі духмянай гарбаты прысутных цёпла вітала дырэктар райбібліятэкі Святлана Станкевіч. Віншаванні са святам мудрасці і вопыту прагучалі для пажылых людзей ад старшыні раённага Савета ветэранаў Алены Сілковай і старшыні праўлення Бераставіцкай раённай арганізацыі ГА «БелАІ» Тамары Вялічкі, якія выказалі глыбокую падзяку пажылым людзям за іх вялікі ўклад у развіццё роднага краю. У госці да прадстаўнікоў старэйшага пакалення ў гэты дзень прыйшлі таксама спецыялісты Цэнтра банкаўскіх паслуг №412 у гп. Бераставіца рэгіянальнай дырэкцыі па Гродзенскай вобласці ААТ Белаграпрамбанк, старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Алена Філіповіч, начальнік аддзела загса Бераставіцкага райвыканкама Святлана Сцепанчук, першы сакратар райкама БРСМ Алена Карніловіч і валанцёры атрада «Добрае сэрца», якія таксама падрыхтавалі свае святочныя сувеніры для людзей «залатога ўзросту». Вядучая мерапрыемства-бібліятэкар чытальнай залы Бераставіцкай райбібліятэкі Данута Лагода падрыхтавала для гасцей свята цікавую і насычаную праграму з рознымі конкурсамі і віктарынамі. Пажылыя людзі з азартам і запалам ўключыліся ў інтэлектуальныя спаборніцтвы, дэманструючы сваю эрудыцыю і знаходлівасць, з задавальненнем чыталі любімыя вершы, дзяліліся ўспамінамі. Падчас свята пажылыя людзі спявалі любімыя мелодыі, шчыра атрымліваючы асалоду ад момантаў душэўнага яднання. Правядзенне падобных мерапрыемстваў ужо стала добрай традыцыяй. Бо яны дазваляюць пажылым людзям адчуць сваю значнасць, дораць ім радасць творчасці, напаўняюць сэрцы цеплынёй і аптымізмам.