08.12.2024г. Кніжная выстава “Беларусь і Расія – наш агульны дом”.

Да 25-гадовага юбілею падпісання Беларуссю і Расіяй Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ў раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага арганізавана кніжная выстава “Беларусь і Расія – наш агульны дом”. Прадстаўленая літаратура ілюструе ўсё тое, што аб’ядноўвае нашы народы – агульную гісторыю, культуру, інтэграцыйныя праекты і перспектыўныя мэты.

Чытачы могуць пазнаёміцца з часопісам “Саюзная дзяржава” – выданнем, якое расказвае пра Беларусь і Расію як пра адзінае цэлае, звязанае  гістарычнымі, эканамічнымі, духоўнымі, роднаснымі сувязямі. Часопіс выходзіць раз у месяц. Першы яго нумар выйшаў вясной 2006 года і быў прымеркаваны да 10-годдзя Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.

Саюзнае будаўніцтва, інтэграцыя — галоўныя тэмы «Саюзнай дзяржавы».

Палітыка, эканоміка, людзі, цудоўныя мясціны, агульная гісторыя, культура, прырода – усяму гэтаму ёсць месца на старонках выдання. Часопіс ствараецца сіламі журналістаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Цікавасць уяўляе серыя «Сугучча сэрцаў».

Кніжная серыя “Выдавецкага дома “Звязда” знаёміць чытачоў з лепшымі творамі, створанымі ў асноўным у постсавецкі час паэтамі і празаікамі – прадстаўнікамі краін, якія ўваходзяць у Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

«Зорная крыніца» — шостая кніга серыі. У яе ўвайшлі творы пісьменнікаў, якія прадстаўляюць творчасць народаў Расійскай Федэрацыі, а таксама вершы і проза пісьменнікаў Беларусі.

Шосты зборнік серыі «Адрасы Беларусі ў свеце» (у дзвюх кнігах) расказвае пра старонкі агульнай гісторыі Беларусі з такімі краінамі, як Расія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, пра тое, якую ўвагу жыхары названых дзяржаў праяўляюць да беларускай культуры, да самой Беларусі. Кніга першая серыі “Родны небасхіл у сэрцы: знаёмствы, адкрыцці, дыялогі” прадстаўлена на кніжнай экспазіцыі.

А чытачоў сярэдняга школьнага ўзросту зацікавяць кнігі «Беларусь» і «Расія» серыі «Свет падарожжаў«. У падарожжа па беларускіх і расійскіх абшарах адпраўляюцца персанажы Алена і Максім. Разам з чытачамі яны даведваюцца пра багатую гісторыю нашых народаў, убачаць унікальныя помнікі архітэктуры і непаўторныя краявіды. У канцы кожнага раздзела — віктарына, якая дапамагае запомніць самыя цікавыя факты.